СЛАВА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); мова славакаў, дзярж. мова Славакіі (да 1992 разам з чэшскай мовай б. Чэхаславакіі). Пашырана ў ЗША, Венгрыі, Югаславіі, Канадзе, Румыніі, Чэхіі, Польшчы і інш. Мае 3 групы дыялектаў: зах.-славацкі, цэнтр.-славацкі і ўсх.-славацкі. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, доўгія (за некалькімі выключэннямі) не бываюць у складах побач, кароткія галосныя чаргуюцца з доўгімі або дыфтонгамі, складаўтваральныя r, l бываюць кароткія і доўгія, v у закрытым складзе вымаўляецца як (ў), n, l, t, d перад e, і заўсёды мяккія, націск экспіраторны, на I-м складзе; у марфалогіі — страта вынікаў палаталізацыі заднеязычных у іменным скланенні (апрача назоўнага склону мн.л.), іменных форм прыметнікаў, аорыста, імперфекта; у лексіцы шмат запазычанняў з чэш., ням. і венг. моў.
Першы ўласна славацкі помнік «Острыгамскі рытуал» (1625) напісаны на цэнтр.-славацкім дыялекце. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Малько Р.Н. Географическая терминология чешского и словацкого языков (на общеславянском фоне). Мн., 1974;
Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Бел. лінгвістыка. Мн., 1985. Вып. 27;
Яго ж. Славацкае і беларускае дыялектнае словаўтварэнне // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках. Гродно, 1986. Ч. 2.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 14, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)